BIEN 2027 — адкрыты набор працаў на тэкстыльнае біенале ў Славеніі
Textile Art Biennial BIEN — славенскае біенале тэкстыльнага мастацтва. Выпуск 2027 года пройдзе з 29 траўня па 14 жніўня 2027 года. Праграма пабудаваная так, каб удзельнікі(-цы) маглі трапіць на ўсе адкрыцці — яны ідуць з 29 траўня па 3 чэрвеня 2027 года. Працы адбірае журы: Dominika Krogulska-Czekalska, Almina Duraković Korošec і Lovro Ivančić.
Для каго:
Мастакі(-чкі), дызайнеры(-кі) і даследчыкі(-цы), а таксама мастацкія калектывы з усяго свету.
- Падаць можна да трох працаў;
- Працы мусяць быць не старэйшыя за тры гады.
Тры працы падаваць не абавязкова — заяўка можа складацца з адной, дзвюх ці трох. Адна праца — гэта адна назва: трыпціх або твор з некалькіх частак падаюць як адну працу. З кожнай заяўкі журы можа адабраць адну, дзве ці тры працы.
Працы мусяць адказваць на цэнтральную тэму «Traces of Grace» і быць зробленыя пераважна ў медыюме тэкстылю або ў медыюме, які адсылае да тэкстылю праз матэрыял, тэхніку ці канцэпцыю.
Пра тэму:
Канцэпцыю BIEN 2027 напісаў куратар Lovro Ivančić. Міласць ён апісвае найперш праз тое, чым яна не ёсць: гэта не слабасць, не сентыментальнасць і не ўзнагарода за заслугі. Міласць нельга купіць, запатрабаваць або прысвоіць. Таму ў часы, калі амаль усё перакладаюць на мову абмену, а людзей усё лягчэй дзеляць на «нас» і «іх», яна гучыць амаль радыкальна.
Міласць, паводле куратара, — гэта падзея, а сляды — тое, што застаецца пасля яе і дзейнічае гадамі. Іх можна знайсці ў фрагментах і рамонце: у швах, латках, рэчах, якія хтосьці захаваў. Тут ён згадвае Louise Bourgeois і японскія практыкі boro і kintsugi, дзе зношанасць і рамонт становяцца часткай гісторыі рэчы. Тэкстыль для гэтай тэмы — медыюм сувязяў: тканіна складаецца з многіх нітак, і ніводная не губляе сваёй адметнасці.
Біенале не шукае канчатковага азначэння міласці. Куратара цікавяць яе сляды: фрагменты, напластаваныя гісторыі, нябачныя сувязі, увага, якая не дае ўпасці ў абыякавасць, і малыя жэсты, што мяняюць свет. Перад падачай варта прачытаць поўны кураторскі тэкст(знешні сайт) (па-англійску).
Фармат:
Біенале пройдзе ў чатырох гарадах Славеніі: Kranj, Tržič, Škofja Loka і Jesenice.
Колькі каштуе падача:
- Збор за ўдзел у адкрытым наборы — 10 EUR;
- Студэнты(-кі) падаюцца бясплатна праз асобную форму Textile School of Thought — яна даступная ў пачатку заяўкі;
- Тым, хто жыве ў зоне вайны ці канфлікту або закрануты(-ая) ёй, арганізатары даюць вызваленне ад збору — пра гэта трэба напісаць на bien@layer.si.
Збор не вяртаюць.
Што бярэ на сябе арганізатар:
- Выдаткі на паказ працаў: страхоўку на час выставы, прасоўванне, публічнасць, прэв'ю, распакоўку і зваротную ўпакоўку, дадатковыя мантажныя выдаткі;
- Зваротную дастаўку працаў і іх страхоўку на суму да 999 EUR — выключэнні прапісаныя ў дамове з аўтарам(-кай).
Што аплачвае аўтар(-ка):
- Дастаўку працы да арганізатара. Арганізатар не нясе адказнасці за пашкоджанні, якія могуць адбыцца падчас перавозкі на выставу;
- Мытныя пошліны і звязаныя з імі зборы;
- Зваротную дастаўку, калі пасылка большая за дапушчальныя памеры: даўжыня любога боку больш за 150 см, сума даўжыні і абхопу больш за 300 см або вага больш за 20 кг. Тады арганізатар не бярэ на сябе яе вяртанне за свой кошт.
Узнагароды:
- Галоўная ўзнагарода — рэзідэнцыя да чатырох тыдняў у 2028 або 2029 годзе для аднаго(-й) аўтара(-кі) або калектыву да двух чалавек. Пакрываюцца дарога, пражыванне, суткавыя і вытворчыя выдаткі. Пераможцу абвесцяць на адкрыцці BIEN 2027 29 траўня 2027 года;
- ETA Award — для маладых аўтараў(-ак) да 29 гадоў за выключнае валоданне тэкстыльнымі рамеснымі тэхнікамі. Пераможца атрымлівае двухтыднёвую рэзідэнцыю;
- Калі адзін і той жа чалавек атрымлівае і галоўную ўзнагароду, і міжнародны ETA Award, узнагароды аб'ядноўваюцца.
Узроставых абмежаванняў для галоўнай узнагароды няма. Падрабязней пра ETA Award — на старонцы ўзнагароды(знешні сайт).
Дэдлайн і графік:
- Прыём заявак — уключна па 21 снежня 2026 года, да поўначы CET;
- Абвяшчэнне вынікаў — да 10 лютага 2027 года;
- Адпраўка працаў арганізатару — 10 красавіка — 1 траўня 2027 года;
- Адкрыцці — 29 траўня — 3 чэрвеня 2027 года;
- Выстава — 29 траўня — 14 жніўня 2027 года;
- Дэмантаж і вяртанне працаў — 15 жніўня — 30 верасня 2027 года.
Як падавацца:
Праз анлайн-форму BIEN 2027(знешні сайт). Перад падачай варта прачытаць умовы ўдзелу і ключавыя палажэнні дамовы паміж аўтарам(-кай) і арганізатарам — спасылкі на іх ніжэй.
Дакументы набору:
- Куратарскі тэкст пра тэму «Traces of Grace»(знешні сайт);
- Умовы ўдзелу ў выставе(знешні сайт);
- Ключавыя палажэнні дамовы паміж аўтарам(-кай) і арганізатарам(знешні сайт);
- Поўны тэкст дамовы(знешні сайт);
- Старонка біенале BIEN(знешні сайт).
Кантакт: bien@layer.si
Арганізатар: Zavod Carnica (Carnica Institute). Біенале суфінансуе Міністэрства культуры Славеніі.