Альбом творчай спадчыны Алеся Пушкіна выйдзе ўвосень
Працу падтрымала ArtPower Belarus. У межах праекта быў апрацаваны вялікі архіў матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю мастака, а таксама падрыхтаваны выдавецкі макет мастацкага альбома. Выхад выдання запланаваны на восень 2026 года.
Адным з важных вынікаў стала развіццё і напаўненне старонкі-памяці alespushkin.com. Сёння там прадстаўлена каля 300 твораў Алеся Пушкіна: жывапіс, графіка, перформансы, роспісы, іконапіс, кніжная ілюстрацыя і іншыя працы. У архіўным раздзеле сабраныя інтэрв’ю мастака, даследчыя тэксты, успаміны і матэрыялы пра яго творчасць.

Падчас працы значна павялічыўся аб’ём архіва. Удалося сабраць невядомыя або цяжкадаступныя матэрыялы: прыватныя фотаздымкі, перапіску, аўдыёзапісы, сведчанні сучаснікаў, творчыя справаздачы і дакументы. Частка з іх захоўвалася ў прыватных архівах людзей, якія працавалі з мастаком у розныя гады.
Будучы альбом на больш як 250 вялікафарматных старонках прадставіць ключавыя аспекты мастацкай дзейнасці Алеся Пушкіна — ад жывапісу і перформансаў да сакральнага мастацтва і грамадскіх акцый.
Прадмову да выдання падрыхтаваў Сяргей Харэўскі. Агляд духоўнай творчасці імастака напісала Эла Дзвінская.
Калі вы маеце якасныя фотаздымкі прац, арыгінальныя матэрыялы, дакументы або іншыя сведчанні, звязаныя з жыццём і творчасцю Алеся Пушкіна, калектыў праекта просіць дасылаць іх на пошту: alespushkin@proton.me