MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі малюнак Восіпа Любіча — яркага рэпрэзентанта Парыжскай школы, родам з Горадні
Набыты твор, выкананы ў тэхніцы гуашы на паперы і падпісаны аўтарам, носіць назву «Рабочыя» і датуецца 1920-мі гадамі. Гэта рэдкі прыклад ранняй творчасці беларуска-французскага мастака.
«Восіп Любіч — гэта прыклад таго, як творчасць мастака з Горадні становіцца часткай еўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёння застаецца малавядомай у Беларусі. Мы хочам гэта змяніць праз вяртанне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасці», — распавёў кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.
Малюнак Любіча «Рабочыя» быў набыты на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю.
У будучыні твор плануецца перадаць у Горадню ў якасці грамадскага падарунка.
Восіп Любіч — мастак беларускага паходжання, адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.
Нарадзіўся ў 1896 годзе ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Атрымаў класічную мастацкую адукацыю ў Адэсе. У 1920-ым годзе пераехаў у Берлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы, кіно. Гэта паўплывала на ягоную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.
З 1923-га года жыў у Парыжы, у асяроддзі Манпарнаса — цэнтра мастацкага жыцця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыжскай школы.
Фота: Таццяна Капітонава