Skip to main content
sekktor

У Кракаве зарэгістраваная Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў

У Кракаве афіцыйна зарэгістравалі Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў — першую прафесійную арганізацыю, якая аб'ядноўвае беларускіх прафесіяналаў выдавецкай сферы без падзелу на «тут» і «там».

Рашэнне аб яе стварэнні было прынята ў лістападзе 2025 года ў Варшаве, у час фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

Стваральнікі Асацыяцыі кажуць, што яна ўзнікла як форма самаарганізацыі выдаўцоў, якія апынуліся ва ўмовах прымусовай эміграцыі. Па іх словах, сёння болей за 20 беларускіх выдавецтваў працуюць за мяжой, найбольш з іх базуецца ў Польшчы. У Беларусі беларускаарыентаваная выдавецкая дзейнасць фактычна пастаўленая па-за законам: большасць незалежных выдавецтваў ліквідаваныя або паралізаваныя, прававая прастора для НДА знішчаная.

Асацыяцыя паўстала, каб выдавецтвы маглі дзейнічаць не паасобку, а разам — каардынаваць намаганні.

Кіраўніком Асацыяцыі абраная Валянціна Барбара Андрэева. Намеснікам старшыні стаў Ілля Андрэеў.

У бліжэйшы час Асацыяцыя правядзе сход, на якім вызначыць працэдуру прыняцця новых сяброў. Сярод першачарговых задач — распрацоўка этычнага кодэкса беларускага выдаўца і арганізацыя прысутнасці беларускай кнігі на культурных мерапрыемствах дыяспары.

Асацыяцыя таксама заявіла пра адкрытасць да партнёрства з замежнымі выдавецкімі арганізацыямі, культурнымі інстытуцыямі, кніжнымі кірмашамі і ўсімі, хто падтрымлівае прынцыпы свабоднага слова і незалежнай культуры.