У Музеі бітвы пад Грунвальдам прапануюць усталяваць беларускі нацыянальны сцяг
У Польшчы запусцілі петыцыю за з'яўленне бел-чырвона-белага штандара на Грунвальдскім полі. З такой ініцыятывай на сайце iPetitions.com выступіў намеснік старшыні партыі БНФ Юрась Меляшкевіч. Цяпер на месцы гістарычнай бітвы ўжо стаяць сцягі Літвы, Польшчы і Украіны, а беларускага няма — ні дзяржаўнага, ні нацыянальнага.
Аўтар петыцыі называе з'яўленне беларускага сцяга актам гістарычнай справядлівасці.
Грунвальдская бітва 1410 года стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У гэтай бітве палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, татары і прадстаўнікі іншых народаў Еўропы супольна абаранялі свае дзяржавы — Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае — ад знешняй агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Гэта была барацьба за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць сваю культуру, сваю веру і сваю свабоду.
Супольная перамога аказалася поўнай і пераломнай. Яна прывяла да таго, што пагроза заваявання народаў нашай часткі Еўропы знешнімі захопнікамі была ліквідаваная на стагоддзі, а Грунвальд стаў сімвалам адзінства, узаемнай падтрымкі і агульнай адказнасці за будучыню
Музей Грунвальдскай бітвы ў Польшчы цяпер юрыдычна месціцца на адрасе Stębark 1, 14-107 Gierzwałd, але Грунвальдскае поле і галоўнае памяшканне музею – крыху далей ад вёскі.