Рэзідэнцыя для мастакоў і мастачак Fundación Casa Wabi – ArtReview Prize 2026/27
Fundación Casa Wabi і ArtReview запрашаюць трох мастакоў(-чак) на рэзідэнцыю ў Мексіцы ў 2027 годзе. Удзельнікі(-цы) будуць развіваць уласную практыку і рэалізоўваць супольнасны праект у дыялогу з жыхар(к)амі навакольных паселішчаў.
Fundación Casa Wabi — некамерцыйная арганізацыя, створаная ў 2014 годзе для падтрымкі сацыяльнага развіцця і міжнароднага культурнага абмену праз мастацтва. Рэзідэнцыйная праграма размешчаная на ціхаакіянскім узбярэжжы, прыкладна за 30 хвілін ад аэрапорта Пуэрта-Эскандыда. Галоўны комплекс Casa Wabi спраектаваў японскі архітэктар Tadao Ando.
Для каго: мастакі(-чкі) любых дысцыплін, незалежна ад узросту, нацыянальнасці, досведу і этапу прафесійнага развіцця. Падавацца можна індывідуальна або як творчы калектыў да двух чалавек. Калектывам трэба паказаць, што супольная праца ўжо з’яўляецца важнай часткай іх практыкі.
Калі: 2027 год, дакладныя даты будуць узгодненыя з адабранымі ўдзельнікамі(-цамі). Працягласць рэзідэнцыі — прыкладна 5–6 тыдняў у залежнасці ад абранага перыяду.
Праект з супольнасцю:
Трэба прапанаваць, распрацаваць і рэалізаваць праект у супрацоўніцтве з адной з мясцовых супольнасцей вакол Casa Wabi. Праект павінен будавацца на ўзаемным абмене і прыносіць карысць як мастаку(-чцы), так і супольнасці. Пасля адбору прапанова можа быць удакладненая або адаптаваная разам з камандай Casa Wabi.
Прапануецца:
- Пералёт з Мехіка ў Пуэрта-Эскандыда;
- Асобнае бунгала з ванным пакоем;
- Доступ да студыйнай прасторы;
- Трохразовае харчаванне;
- Падтрымка ў рэалізацыі супольнаснага праекта пры папярэднім узгадненні з Casa Wabi;
- Магчымасць працаваць у міжнароднай рэзідэнцыйнай супольнасці і ў дыялогу з лакальным кантэкстам.
Міжнародны пералёт або іншы праезд да Мехіка ўдзельнікі(-цы) аплачваюць самастойна.