Przejdź do głównej treści
ssekktor

Беларуска «выпадкова» знялася ў фільме «Д'ябал носіць Prada–2»

Былая журналістка Ганна Трубачова каля дзесяці гадоў жыве ў ЗША і часам здымаецца ў масоўцы. Як яна сама расказала ў Facebook, у працягу легендарнага блокбастара яна павінна была атрымаць адну з такіх жа невялікіх роляў, але нешта пайшло не так.

«Я павінна была быць адным з удзельнікаў масоўкі, якіх падзялілі б на разявак, гасцей, значных і нязначных, папарацы, журналістаў і хто ведае каго яшчэ. Але вось я ўваходжу на прымерку, мне выдаюць тую самую дызайнерскую сукенку, якая, клянуся Богам, сапраўды ні на каго больш не села б, не толькі таму што трэба быць вельмі высокай і тонкай, але таксама харызматычнай», — падзялілася Ганна.

Падчас прымеркі каманда не пераставала здзіўляцца, як добра яна ўвайшла ў вобраз. У выніку беларуску зацвердзілі на ролю «вядомай актрысы № 61» у сцэне з балем Met Gala.

Здымачны дзень доўжыўся каля 16 гадзін. У сцэнах яна працавала побач з такімі галівудскімі зоркамі, як Мэрыл Стрып і Стэнлі Тучы. А здымкі ў «Д'ябал носіць Prada-2» далі магчымасць Ганне ў будучыні ўступіць у прафсаюз.

«Каб вы разумелі: прафсаюзныя акцёры атрымліваюць значна больш, ім усюды першым зялёнае святло, лепшыя ролі і перспектывы», — растлумачыла беларуска.