Przejdź do głównej treści
ssekktor

Беларускі павільён адкрыўся на біенале ў Венецыі

Сярод стваральнікаў экспазіцыі Official. Unofficial. Belarus – сузаснавальнікі і мастацкія кіраўнікі Беларускага свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін, куратарка Даніэла Каляда, мастак Сяргей Грыневіч, кампазітарка Вольга Падгайская, дызайнер Уладзімір Цэслер.

Ідэя незалежнай беларускай прысутнасці ў Венецыі нарадзілася яшчэ летась. Даніэла Каляда ў гутарцы з «Нашай Нівай» расказвае, што разам з маці прыехала тады ў Венецыю на адкрыццё тэатральнага біенале. Там яны пазнаёміліся з прэзідэнтам Венецыянскай біенале П’етранджэла Бутафуока і запітчылі яму ідэю.

Але сістэма біенале працуе інакш: нацыянальны павільён можа падавацца толькі праз дзяржаўныя структуры — фактычна праз Міністэрства культуры. Таму Беларускі свабодны тэатр падаў праект як афіцыйную паралельную падзею.

«Нам давялося праходзіць конкурс. Было каля 400‑500 розных арганізацый і мастакоў, якія прадстаўлялі свае праекты. Біенале выбірае прыкладна ад 16 да 30 тых, якія найбольш адпавядаюць канцэпцыі года». Пра тое, што беларускі праект адабралі, каманда даведалася ў канцы снежня. На падрыхтоўку засталося каля пяці месяцаў", — расказвае Даніэла.

61‑ы Венецыянскі біенале праходзіць з 9 мая да 22 лістапада 2026 года пад назвай In Minor Keys. У цэнтральнай выставе ўдзельнічаюць 110 запрошаных аўтараў, калектываў і мастацкіх арганізацый, а побач з ёй — 100 нацыянальных прадстаўніцтваў.

Беларуская выстава размешчаная ў касцёле Сан-Джавані Евангеліста. Праект задуманы як шматсэнсарны досвед: яго трэба не толькі глядзець, але і слухаць, адчуваць целам.