Стужку прапагандыста Грыгорыя Азаронка пакажуць у Нацыянальным конкурсе «Лістапада»

Як піша канал «Свяшчэнны Белавуд», фільм, які раней называўся «Душа войска», цяпер завецца «Душа абаронцы».

Стужка распавядае пра Мазырскі памежны атрад, які фактычна дазволіў расійскім вайскоўцам зайсці на тэрыторыю Украіны ў лютым 2022 года.

Логлайн фільма — «Захаванне міру падчас вайны — наш агульны абавязак».

«Цікава яшчэ, што праўладная дырэкцыя фестывалю аднавіла адменены ў 2021 годзе Нацыянальны конкурс, які апошнія пару гадоў называўся „Кіно маладых“.

Вось толькі цяпер удзельнічаюць у ім выключна студэнты Акадэміі мастацтваў, якія працуюць на студыі „Беларусьфільм“ ці на дзяржТБ. Незалежных кінематаграфістаў тут няма», — піша аўтар канала Тарас Тарналіцкі.

Па яго словах, працы не вылучаюцца разнастайнасцю тэм: гэта рэфлексіі на тэму Другой сусветнай вайны, праваслаўныя каштоўнасці, а таксама фільмы-партрэты дзеячаў культуры, дзяржаўных і духоўных інстытуцый.