Przejdź do głównej treści
sekktor

Выйшаў альбом «Organ Works» кампазітаркі Вольгі Падгайскай

Рэліз выйшаў на польскім лейбле Opus Series — былым сублэйбле Requiem Records. Галоўная ідэя лэйбла — фіксаваць «жывы» музычны ландшафт XXI стагоддзя.

«Гэта асабістая гісторыя пра жыццё ў часы нявызначанасці і напругі. Кожны твор нараджаўся як рэакцыя на сучаснасць: страх, цішыню, патрэбу ў блізкасці і пошук святла насуперак усяму. Гэта спроба ўлавіць эмоцыі і досвед, захаваныя ў гуку.

Аўтарка музыкі — Вольга Падгайская, кампазітар і арганістка родам з Беларусі, якая зараз жыве ў Варшаве. У цэнтры яе творчасці знаходзіцца арган, які яна спалучае з сучаснай музычнай мовай і чулым успрыманнем гуку. Яе музыка выконвалася ў тым ліку на Зальцбургскім фестывалі (Salzburg Festival) і Бетховенскім фестывалі ў Боне (Beethovenfest Bonn)», — гаворыцца на старонцы лэйбла.

У альбом увайшлі дзевяць твораў. Запіс быў зроблены 16–17 чэрвеня 2025 года ў рымска-каталіцкім храме Святой Сям’і ў Варшаве на аргане фірмы ZYCH.